RATING ALL.BY

Прэзентація кнігі «Песні пакінутых вёсак»

Напярэдадні гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС выдавецтва ТДА «Беловагрупп» і ААТ «Белкніга» праводзяць прэзентацію кнігі «Песні пакінутых вёсак», прысвечаную этнакультурным традыцыям чарнобыльскіх рэгіёнаў. Мерапрыемства адбудзецца 20 красавіка 2017 года ў 16 гадзіне (кніжная крама «Кнігаполіс», вул. Сурганава, 46, 1 паверх).

Выданне падрыхтавана сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адкрывае шырокаму колу чытачоў забытыя старонкі культурнай спадчыны сакральнага гучання.

Архіўныя матэрыялы, прадстаўленыя ў дадзенай кнізе, – гэта ўнікальная песенная спадчына, якая вылучаецца высокім густам і друкуецца ўпершыню. Песні былі запісаны і сабраны ў розныя часы задоўга да чарнобыльскай катастрофы ў вёсках, якія зараз ужо не існуюць (Брагінскага, Ельскага, Нараўлянскага, Хойніцкага раёнаў).

Выданне збору «Песні пакінутых вёсак» служыць справе выратавання, захоўвання і адраджэння айчыннай культуры. Выключная архаіка этнакультурных традыцый чарнобыльскіх рэгіёнаў – найкаштоўнейшы матэрыял для гісторыкаў, мовазнаўцаў, этнографаў, прафесійных і самадзейных мастацкіх калектываў. Кніга, безумоўна, з’яўляецца бясцэннай для ўсіх тых, каго напаткаў сумны лёс: назаўсёды пакінуць забруджаныя тэрыторыі.

Высокі ўзровень кампетэнтнасці выдання забяспечылі спецыялісты Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, супрацоўнікі музеяў, пазначаных рэгіёнаў, ўдзельнікі даўніх экспедыцый у забруджаныя раёны, якія сабралі больш за 300 адзінак матэрыяльных помнікаў. Укладальнікамі з’яўляюцца доктар філалагічных навук Т.В. Валодзіна, кандыдат філалагічных навук Н.Г. Мазурына (музычная частка). Кніга падрыхтавана пад агульнай рэдакцыяй доктара гістарычных навук, доктара архітэктуры, прафесара, акадэміка А.І. Лакоткi.

Выданне фарматам 170х300 мм і аб’ёмам 356 старонак багата ілюстравана разнастайнымі фотаздымкамі: мясцовымі відарысамі, творамі народнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Сакральную адметнасць кнігі падкрэсліваюць выявы ручнікоў. Высокую паліграфічную якасць выдання забяспечыў «Паліграфкамбінат ім. Я. Коласа».

Выданне з’яўляецца пераможцам Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2017» у намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны».

У прэзентацыі прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аўтары і ўдзельнікі праекта.