Працягвае набіраць разгон праект часопіса і кнігарні «Маладосць»&«Маладосць»
Працягвае набіраць разгон праект аднаіменных часопіса і кнігарні «Маладосць»&«Маладосць». Літаратурная сустрэча 12 снежня была прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння Чынгіза Айтматава.
Працягвае набіраць разгон праект аднаіменных часопіса і кнігарні «Маладосць»&«Маладосць». Літаратурная сустрэча 12 снежня была прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння Чынгіза Айтматава.
Сустрэча пачалася з прамоў начальніка аддзела арганізацыі гандлю і рэкламы ААТ “Белкніга” Андрэя Радыгіна і загадчыка кнігарні “Маладосць” Юрыя Левановіча, якія адзначылі, што ў складаны для друкаванага слова час у нашым грамадстве ўсё ж існуе патрэба ў кнігах, у тым ліку і ў заўсёды актуальных творах Чынгіза Айтматава.
Галоўны рэдактар “Маладосці” Святлана Воцінава перадала ўсім прысутным цёплыя прывітальныя словы Саветніка Пасольства Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Айымкан Кулукеевай і кыргызскага літаратара, лаўрэата Міжнароднай прэміі Чынгіза Айтматава Абібілы Пазылава. Галоўрэд “Маладосці” распавяла пра сваё дзіцячае знаёмства з творамі Айтматава і пра асаблівасці аўтарскага стылю пісьменніка, якія стваралі прыемныя складанасці пад час працы над перакладам яго кнігі “Калі падаюць горы”.Значная частка сустрэчы была прысвечана перакладу на беларускую мову першага рамана Айтматава “Буранны паўстанак”, зробленага Міхасём Стральцовым, чый лёс быў звязаны з “Маладосцю”. Асаблівым чынам быў прадстаўлены “Буранны паўстанак”, перавыдадзены сёлета спецыяльна да юбілею выдавецтвам “Народная асвета”. Падрабязна пра гэтую кнігу распавяла загадчык рэдакцыі метадычнай падрыхтоўкі выданняў выдавецтва “Народная асвета” Галіна Бабаева.
Сваімі думкамі пра творчасць Чынгіза Айтматава і яе актуальнасць падзяліўся з прысутнымі дырэктар радыё “Беларусь”, паэт, празаік, публіцыст Навум Гальпяровіч.
Разынкай вечара стала яскравае акцёрскае чытанне ўрыўка з рамана “Калі падаюць горы (Вечная нявеста)”дыктарам Беларускага радыё Алегам Вінярскаім.