Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
authorization-inline
Сустрэча з Аленай Пятровiч: вялікае інтэрв'ю і фотасправаздача
Контактная информация
Республика Беларусь г.Минск, ул.Железнодорожная 27а

Сустрэча з Аленай Пятровiч: вялікае інтэрв'ю і фотасправаздача

Вялікае і падрабязнае інтэрв'ю з перакладчыцай кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» Дж.К. Роўлінг.

14 снежня а 12-й гадзіне адбылася сустрэча з Аленай Пятровіч, перакладчыцай кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» Дж.К. Роўлінг. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел дырэктар выдавецтва «Янушкевіч» Андрэй Янушкевіч і супрацоўнік выдавецтва Сяргей Макарэвіч.



Мы падрыхтавалі вялікае і падрабязнае інтэрв'ю з Аленай Пятровіч, якое з радасцю публікуем.

 

Мадэратарам сустрэчы выступіў Сяргей Макарэвіч, які пачаў з пытання, якое найчасцей сустракалася на прасторах інтэрнэту.



 

— Ты перакладала з рускай мовы?

 

— Не, я не перакладала з рускай мовы, чэсна, чэсна! Я перакладала з англійскай. Проста мне здаецца, што сёння гэта вельмі дзіўна — думаць, што хтосьці будзе англійскую кнігу перакладаць з рускай мовы. У тым сэнсе, што англійская гэта не рэдкая мова, многія яе ведаюць. Гэту кнігу я прачытала параўнальна нядаўна, мне было гадоў 25-26. Я ее чытала спачатку па-руску, потым прачытала па-англійску...

 

— Я паверу. А іншым як праверыць, што ты ўсё-ткі з англійскай перакладала? Якія маркеры?

 

Я так сходу не магу назваць моманты, па якіх гэта можна праверыць. Усе, хто мне не давярае, разгортвае рускі пераклад, бярэ арыгінал і мой пераклад і проста звяраюцца!

 

Чым я глабальна недалюблівала многія пераклады, з якімі сустракалася, і чаму я лічу, што мой пераклад лепшы… Калі я была дзіцём, калі я была падлеткам, я страшна не любіла, калі мне тлумачалі тое, да чаго я і так магла даўмецца. Я гэта і зараз не люблю. Гэта мяне проста абражала. І пры працы я сутыкнулася з тым, што, калі Роўлінг піша нейкі адзін сказ, раптам у рускім перакладзе з'яўляецца тры, чатыры, пяць сказаў з тлумачэннем папярэдняга! Тлумачацца нейкія пачуцці школьнікаў, рэчы, абсалютна відавочныя чалавеку, які разумее, што тут адбываецца. Такіх тлумачэнняў у маім перакладзе няма, таму што я лічу, што калі брытанскім дзецям не трэба чагосьці тлумачыць, то і нашым не трэба.



 

— Працягнем тады непасрэдна звяртацца да перакладу. Вось першая старонка. Я там бачу такі момант, што «Містар і місіс Дурслі жылі на Крушынавай вуліцы…». Чаму на Крушынавай? Чаму на вуліцы? Чаму ты выбрала гэты варыянт?

 

— У арыгінале вуліца называлася «Privet Drive» і, уласна, гэта першы сказ твора і ён супервядомы! «Тисовая», як у расіян, гэта проста памылка, таму што «privet» гэта не «тис», гэта расліна з якой робяць жывыя агароджы. Я знайшла гэтую расліну на фотаздымку і знайшла яе лацінскае абазначэнне. Былі розныя варыянты лакальных назваў, сярод якіх фігуравалі «біручына» і «крушына». Я напісала ў суполку «Роднае слова» у Фэйсбуку, гэта людзі зацікаўленыя моўнымі праблемамі, задала ім пытанне «Што гэта за расліна?». Сышліся на тым, што «біручынавая вуліца» гучыць трошкі дзіўна, нязвыкла. Крушына гэта найбліжэйшая расліна, якая выкарыстоўваецца з той жа мэтай, что і «privet», да і гучыць больш звыкла для назвы вуліцы.



 

— Ты называеш Дурслі «містарам», палякі называюць яго «панам», украінцы таксама «містарам». Скажы, калі ласка, ці ёсць у тваім перакладзе нейкі беларускі каларыт?

 

— Гэта была адно з самых сур'ёзных пытанняў, якое я ставіла мэтай вырашыць пры перакладзе.

 

Мяне ў дзяцінстве мама навучыла — трэба рабіць з іншымі так, як хочаш каб рабілі з табой. І я таксама сказала ўжо пра свой прынцып, што я вельмі не любіла, калі мне нешта тлумачылі, калі з мяне рабілі чалавека неразумнага, які не здольны ведаць, што людзі жывуць не толькі ў Беларусі, што ёсць яшчэ іншыя краіны. У мяне аднымі з любімых кніг у дзяцінстве былі зборнікі казак розных народаў. Таму да словаў «містар», «місіс» і гэтак далей я прызвычаілася з таго часу, як навучылася чытаць. Таму асноўны мой падыход пры перакладзе гэтага тэксту быў у тым, каб не беларусізаваць яго, каб гэта англійская кніга заставалася англійскай кнігай. Калі ў кнізе адбываецца нейкая святочная вячэра, з рознымі напоямі і ежай, то мне было цікава, уласна, ведаць, якія гэта англійскія напоі і якая гэта англійская ежа. Умоўна кажучы, недзе мне хацелася пакінуць гэту англійскасць, таму што твор нават англійскі там, дзе мы гэтага не чакаем. Спойлер! Хагрыд піша ліст Дамблдору, вельмі кароткі ліст, літаральна з двух сказаў. І ў гэтых двух сказах апошні — «надвор'е дрэнь». У сэнсе гэта вельмі па-англійску акрэсліць якое зараз надвор'е. У нашай традыцыі такого няма…

 

Дзе я беларусізую? Ну вось я беларусізавала назву вуліцы, Крушынавая вуліца, таму што мне хацелася, каб першы сказ чытаўся вельмі гладка. У арыгінале, як я ўжо сказала, гэта «Privet Drive». Калі б мы транслітаравалі, гэта было б, пардон, «Прівет Драйв», так, як пішацца літарна на англійскай мове. І «вуліца Прівет Драйв» не было б мне, напэўна, да гонару як перакладчыцы. Яшчэ адна вельмі вядомая вуліца для тых, хто чытаў «Гары Потэра» ў арыгінале гэта «Diagon Alley». Тут я таксама беларусізавала, доўга думала, кансультавалася з сябрамі і ў выніку гэта вуліца называецца «Крывы завулак».



 

— Я хацеў бы, каб ты раскрыла яшчэ парачку сакрэтаў.

 

— Па-першае, імёны я не перакладала. Усе, хто купіў кніжку дзеля таго, каб убачыць слова «Даўгапупс» на беларускай мове, пардон, так не будзе. Я разумею праблему і пытанне, якое паўстае ў нас, таму што, не сакрэт, многія з нас гэта бачылі, чыталі, чулі на рускай мове і прызвычаліся да гэтых імёнаў. Назвы факультэтаў я таксама не перакладала, яны такія ж, як і ў арыгінале, толькі з беларускімі фанетычнымі асаблівасцямі. Калі я перакладала, даволі шмат звярталася да навуковых прац, у першую чаргу да англамоўных артыкулаўі, таму што з'явілася даволі шмат артыкулаў па этымалогіі ўласных назваў у гэтым тэксце. І, уласна, у мяне быў такі падыход — там, дзе гэта абсалютна празрыстае і вось тое, што называецца, гаваркое імя, там я перакладала. Там, дзе імя не гаваркое, але яго этымалагічнае значэнне не важна для персанажа, я не перакладала. Вось канкрэтна пра Нэвіла Лонгботама. Наколькі я разумею, гэта вельмі важны персанаж і Роўлінг ставіцца да яго безумоўна з сімпатыяй. «Даўгапупс» не выглядае як сімпатыя да гэтага персанажа. Таму я пакідаю гэта прозвішча так, як яно гучыць у арыгінале.




Вось што я перакладала. Гэта пакуль першая кніга, таму не ўсе прафесары ў ёй фігуруюць. Калі што, Снэйп ён, канешне, Снэйп, ніякіх там «Снега» ці нешта яшчэ. З ім ўсё добра. Перадае вам прывітанне. Прафесар Спраут у арыгінале… рыхтуйцеся, я з вамі… (робіць паўзу) яе завуць прафесар МакКорань. Гэта гаваркое імя, яна выкладае догляд за раслінамі, імя абсалютна празрыстае, «Sprout» як «расток»... Тут пры перакладзе я хацела пакінуць нейкую англійскасць, у дадзеным выпадку атрымалась шатландскасць.


 

— Які ўрывак быў самым складаным пры перакладзе? І чаму?

 

— Вось так, без падрыхтоўкі і не магу ўспомніць, таму што гэта даўнавата ўсё скончылася, бо я ўжо тут перакладаю…. (шэптам) далей.

 

Мне вельмі добра працавалася з гэтай кнігай, таму што я яе вельмі хацела перакладаць. У цэлым, больш за ўсё я думала над імёнамі, рэаліямі створанага свету, заклёнамі, гульнёй у квідыч. Мне сказалі не спойлерыць, таму не буду больш, дачытайце да раздзела пра квідыч, убачыце. Калі канкрэтна над якім рашэннем я думала больш за ўсё, гэта «Diagon Alley». Вось неяк так.


 

— Кажуць, што ты працавала фактычна запоем, ты засела, цябе так добра ўсё гэта ішло, перакладалася?

 

— Так, запой, гэта ж даволі культурнае слова? (смяецца) Я пачала перакладаць, калі ў мяне яшчэ не было дамовы, але я ведала, канешне, што я буду перакладаць. Я тады пераклала даволі такую значную частку тэксту. Як вы ўсе, я думаю, здагадваецеся, мы, філолагі, не можам працаваць проста над перакладам, нам трэба яшчэ мець працу нейкую сталую. Таму ў запой мне не дазваляла сыйсці мая асноўная праца… у запой перакладчыцкі, я маю на ўвазе.

 

Было вельмі забаўна вось што. Калі яшчэ не было канчатковага зацвярджэння мяне, як перакладчыцы, я зняла сабе кватэру ў Кіеве на тыдзень, таму што хацела ўзяць і ўсё даперакласці… і каб ніхто мяне не турбаваў.

 

Таму фактычна ў мяне было два запоі: у Мінску даволі такі доўгі, пасля я перакладала кавалачкамі і пасля даволі вялікую частку я пераклала ў Кіеве. Было ідэальна.

 

— Скажы, калі ласка, у цябе было нейкае хваляванне, калі ты даведалася, што трэба ўзгадняць кандыдатуру перакладчыка і гэта не зусім фармальнасць, гэта быў такі сур'ёзны кавалак працы для выдавецтва…

 

— Я, калі што, вельмі тут паводжу сябе смела і ўсё такое, але гэта я так проста на людзях, таму што я ж павінна выглядаць упэўнена, я ж перакладчыца «Гары Потэра»! (смяецца) Насамрэч, не. У сэнсе, я перакладчыца «Гары Потэра», але я пра смеласць, што мне гэта даецца з пэўнымі намаганнямі.

 

Я ведала, што мне трэба скласці перакладчыцкае СV, якое потым дашлюць праваўладальнікам і, адпаведна, яны зацвердзяць маю кандыдатуру.

 

Я перакладаю больш за 10 гадоў. Я езділа на нейкія перакладчыцкія семінары, а ў гэты момант выявілася, што ў мяне ніколі ў жыцці не складала СV. І ў мяне няма спісу маіх перакладаў, няма ніякіх кніг, дзе выходзілі мае пераклады. Мне трэба было проста імгненна неяк усё гэта ўспамінаць, дзе ў мяне што выходзіла. Карацей, гэта быў такі трошкі дзіўны кавалак працы. Пасля я сустрэлася з паэткай і перакладчыцай Вальжынай Морт, мы размаўлялі вось пра гэтую сітуацыю, пра маё СV і яна мне кажа: «А чаму ты мне не даслала СV? Я складаю геніальныя СV і тваё паправіла б па ўсіх заходніх стандартах! Усё было б ідэальна, цябе б адразу зацвердзілі». Я такая «ну, адкуль я ведала» і г.д. Далей яна кажа: «А ты распісала, як цудоўна табе дапаможа твая кандыдацкая дысертацыя ў перакладзе? Гэта можа мець значэнне для людзей у заходнем свеце». Пасля гэтага я дапоўніла тое СV, расказала, як чароўна мне мая спецыяльнасць «Тэорыя мовы» дазволіць усё зрабіць ідэальна і, пасля гэтага дапоўненага СV, маю кандыдатуру зацвердзілі. Канешне, я баялася.



 

— Не сакрэт, што, калі мы яшчэ толькі абмяркоўвалі кандыдатуру перакладчыка з праваўладальнікамі, мы на гэта звярнулі ўвагу, што ты кандыдат філалагічных навук, лінгвіст. І калі ты яшчэ даслала сваё СV, гэта стала, можа быць, сапраўды вызначальным момантам.

 

Мова твайго перакладу сучасная, школьная. Скажы, калі ласка, ці выкарыстоўвала ты пры перакладзе рэдкаўжывальныя словы?

 

— Я падыходзіла так, што гэта, магчыма, будзе — я зараз скажу вельмі страшную рэч — тэарытычна такое можа здарыцца, што гэта будзе ў кагосьці адзіная кніга ў доме на беларускай мове. Можа быць і не, канешне, і я спадзяюся на гэта, але я ведаю такія сітуацыі...

 

Калі стала вядома, што ўсё, я перакладаю «Гары Потэра», і я стала на кожным рагу вуліцы пра гэта крычаць, я маю на ўвазе ў сябе ў Інстаграмчыку ці дзесьці там яшчэ, мне сталі пісаць мае сябры шаснаццацігадовай даўніны, з якімі я не бачылася столькі гадоў, у якіх ужо па пяцёра дзяцей! І гэта былі абсалютна рускамоўныя людзі, з абсалютна рускамоўнымі сем'ямі, якія казалі мне «О, прыкольна! А ў мяне вось дачка адзінае што прачытаць гатова на беларускай мове, дык гэта «Гары Потэра!».

 

У цэлым мой падыход такі — ні для каго ні сакрэт, народ у нас рускую мову ведае. У сэнсе, нават беларускамоўныя людзі ведаюць рускую мову. Ступень засваення беларускай мовы ва ўсіх розная. Камусьці пашанцавала больш, камусьці меньш. Камусьці пашанцавала з тым, што ён з дома ведае беларускую мову, у кагосьці быў добры настаўнік у школе, у кагосьці — дрэнны… І ад гэтага залежыць узровень валодання беларускай мовай. І таму я намагалася не ўстаўляць вельмі складаных слоў, якія не зразумелы з кантэксту. Іншая справа, што там ёсць нармальная беларуская лексіка, звыклая для тых, хто карыстаецца беларускай мовай паўсядзённа. Магчыма, у тых, хто не карыстаецца ёй пастаянна, могуць узнікнуць нейкія пытанні, але з кантэксту, я спадзяюся, усё адно будзе зразумела. Што датычыцца вось такіх багаццяў беларускай мовы…не, такім я, канешне, не займалася. Я такі этап прайшла, калі мне было гадоў 18-19, на шчасце, я тады не перакладала «Гары Потэра»…(смяецца)

 

Але былі нейкія дзіўныя для мяне моманты, тое, чаго б я не сказала ў жыцці, гэта мова аднаго з персанажаў — Хагрыда. У яго даволі такая народная мова і там ёсць такія проста народныя выразы. Без самага такога ўжо трэша, як у зборніку прыказак Лагойшчыны, не, такого не будзе. У школе, магчыма, дзеці з такой мовай не сутыкаюцца, акрамя тых, у каго яшчэ засталіся родныя ў вёсках. Я проста не з тых шчаслівых дзяцей, якія маглі ў дзяцінстве рэальна чуць беларускую мову. Я даведалася пра існаванне беларускай мовы ў першым класе школы, у мяне не было родных у вёсцы. Вось для тых дзяцей мова гэтага персанажа, магчыма, не будзе нечым дзіўным, нечым нязвыклым. Але там ёсць каларытныя беларускія слоўцы.


 

Далей Сяргей прапанаваў чытачам задаць пытанне перакладчыцы. І першае пытанне не прымусіла сябе доўга чакаць.

 

— Вітаю! Майму сыну зараз 11 год і кніжку я купіла для яго. Ці паспее ён да заканчэння школа прачытаць усе кнігі?

 

— Дзякуй! Тут нейкая складаная матэматыка, я тут зараз у галаве падлічыла…тут пытанне не толькі да мяне, але і да выдавецтва «Янушкевіч». Калі ўсё пойдзе добра, мне хочацца спадзявацца, канешне, што ваш сын прачытае ўсе кнігі да заканчэння школы. Я ўсяго толькі простая перакладчыца.

 

Сяргей Макарэвіч дадаў, што выдавецтва будзе рабіць усё для таго, каб гэта адбылося нават раней.

 

— Купляйце кнігі і тады гэта паспрыяе!

 

— Ці будзе павялічвацца тыраж?

 

— Першапачатковы тыраж — 2000 асобнікаў. Але мы маем права яго павялічыць. Раскупайце, а мы будзем друкаваць.

 

— Добры дзень! Усім вядома гісторыя поспеху Джаан Роўлінг, калі яна ў некалькі выдавецтваў прыносіла сваю першую кнігу і толькі «Bloomsbury» яе ўзяло. Скажыце, чаму вы абралі менавіта выдавецтва «Янушкевіч» і ці была ў Вас такая гісторыя з перакладам?



— Гэта вельмі інтымнае пытанне. Я не ўпэўнена, што на яго можна так узяць і адказаць. Калі я прачытала кнігу, тады я прыдумала, што, канешне, я павінна гэта перакладаць на беларускую мову. У мяне нават варыянтаў не было, што гэта магу быць не я. Калі мне было 25,26,27 гадоў, не было выдавецтва «Янушкевіч» і я ўвогуле не думала, што трэба нейкае выдавецтва… я ведала гэта, але мяне гэта не спыняла. Затым мой сябар,-перакладчык Сярж Мядзьведзеў прывёз з Лондана ўсе тамы «Гары Потэра», прынёс, вываліў на мяне гэта ўсё і сказаў: «На, перакладай!». Вось. Я пачала перакладаць і напісала ліст у выдавецтва «Янушкевіч» кшталт «Я павінна перакладаць гэту кнігу, глядзіце, я крутая перакладчыца». І прыслала кавалак. У другія выдавецтвы я не звярталася.

 

— Добрый дзень! Можа гэта вельмі рана задаваць такое пытанне пасля першай кніжкі, але, ці ёсць у планах, акрамя асноўных сямі кніг, перакладаць астатнія дадатковыя, напрыклад, «Квідыч учора і сёння», «Казкі барда Бідля»?




— Дзякую! Канешне, я хацела б перакладаць, але гэта зноў жа залежыць ад людзей, ці хочуць яны гэта пакупаць. Такім чынам, хай разумныя людзі гэта пралічваюць, я не па гэтых справах, я ж перакладчыца. У ідэале — усё, што датычыцца свету «Гары Потэра» я б, канешне, з задавальненнем перакладала, мне гэта цікава, гэта весела і класна!

 

— Чаму такая вокладка і ці плануюцца да выдання прыгожыя ілюстраваныя выданні вялікага фармату, якія выходзяць зараз у Англіі?

 

На пытанне адказаў дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч.



 

— Наконт вокладкі. Як я зразумеў, усе ў нашых краях прывыклі да самага першага расійскага выдання «росмэнаўскага», з каляровай, мульцяшнай вокладкай. Мы доўга мучаліся і доўга выбіралі перад тым, як спыніліся на гэтай вокладцы. Я магу расказаць пра нашу матывацыю. Гэта вокладка аўтарства сусветнавядомага дызайнера з Нью-Ёрка Браяна Сэлзніка, яна спецыяльна падрыхтавана для выдавецтва «Scholastic», якое валодае правамі на распаўсюд кнігі ў ЗША і Канадзе. Гэты малюнак створаны спецыяльна пад дваццацігадовы юбілей выхаду першай кнігі. У Амерыцы такая кніжка выйшла толькі год назад, гэта зусім свежы твор. Мы свядома хацелі адыйсці ад мульцяшнага вобразу вокладкі, які можна заўважыць на першасных вокладках англійскага выдавецтва «Bloomsbury» і таго ж «Scholastic», таму што лічым, што сёння гэтая кніга належыць не толькі дзіцячаму пакаленню, але і даросламу. Нас вельмі падкупіла тое, што яна зроблена ў стылістыцы сярэднявечных гравюр. З аднаго боку, малюнак дастаткова кансерватыўны, традыцыйны, з іншага — уся гэта чорна-белая каларыстыка вельмі нязвыклая. Таму такім быў наш выбар. Нам падаецца. што наша афармленне выдатна перадае вось гэты, ведаеце, брытанскі дух кнігі. Наконт планаў выдання… калі вы заўважылі, на карэнчыку стаіць лічба адзін. Я думаю, ведаеце, што гэта азначае. Гэта не нумар выдання, не нумар экземпляру, гэта нумар тома, таму так, у нас у планах выданне далейшых кніг. Але гэта залежыць ад чытацкага інтэрэсу, ад попыту на кнігу, бо калі мы толькі звязаліся з праваўладальнікамі, я пачуў такую думку: «Навошта вам гэта трэба? У вас же спакойна распаўсюджваецца расійскае выданне і ўсе ўжо даўным даўно прачыталі «Гары Потэра». На што мы патлумачылі, што мы асобная краіна і нам трэба мець такую сваю кнігу, тут не можа быць ніякіх кампрамісаў. І ўсё было акей.

 

Сяргей Макарэвіч дадаў, што вокладка мае сваю магію:

 

— Калі ў пошукавіку набраць імя «Браян Сэлзнік», то знойдзеце яго сайт у інтэрнэце, на галоўнай старонцы якога ёсць спецыяльнае відэа (спасылка тут — заўвага аўтара) пра гэту ілюстрацыю і як яна звязана з наступнымі кнігамі.

 

Напрыканцы сустрэчы Андрэй Янушкевіч сказаў чытачам, што выдавецтва думае над прыездам Браяна Сэлзніка ў Мінск і падзяліўся цікавым фактам:

 

— Сакрэт такі, калі выйдуць усе семь тамоў і вы іх паставіце ў рад, то вы ўбачыце адну суцэльную карцінку. У гэтым фішка.

 

Беларускі фандом Harry Potter падрыхтаваў для перакладчыцы салодкі сюрпрыз, які знаём кожнаму фанату «Гары Потэра» — торт з надпісам «З Днём Нараджэння, Гары!». Якраз такі ж торт быў падараны Гары Потэру веліканам Хагрыдам у першай кнізе.



 

Потым пачалася аўтограф-сесія.











Тэкст і фота: Яна Сабіна.

0
0
0
Корзина