Новы альбом выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» ўжо ў продажы!
Набыць навінку можна ва ўсіх кнігарнях сеткі «Белкніга», альбо зрабіць замову праз нашу інтэрнэт-кнігарню і атрымаць зніжку 20%!
У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшаў альбом «І рай і боль на Песеннай Зямлі… Беларусь вачыма мастакоў 1920–1930-х гадоў» на дзвюх мовах: рускай і беларускай.

У альбоме прадстаўлены графічныя работы з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, аб’яднаныя адной тэмай – этнаграфія Беларусі: этнічныя тыпы жыхароў беларускай зямлі, вясковыя і гарадскія краявіды, помнікі дойлідства, традыцыйнага народнага мастацтва, рамёстваў. Створаныя мастакамі ў перыяд 1920−1930-х гадоў, яны маюць вялікую каштоўнасць: адначасова з’яўляюцца творамі мастацтва і навуковымі матэрыяламі, бо большасць мастакоў Беларусі таго часу былі ўдзельнікамі краязнаўчага руху. Яны прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх экспедыцыях: этнаграфічных, фальклорных, археалагічных, падчас якіх рабілі зарысоўкі.
Поруч з мастацтвам Савецкай Беларусі, творамі прызнаных майстроў А. Астаповіча, А. Тычыны, М. Дучыца, М. Аксельрода, А. Марыкса, М. Горшмана ў альбоме прадстаўлены творы мастакоў Заходняй Беларусі – П. Сергіевіча, Н. Сасноўскай, Л. Родзевіча.
Этнаграфія Беларусі – вядучая тэма мастацкай спадчыны Я. Драздовіча. У выданні прадстаўлены творы з яго альбомаў «Палессе. Піншчына» і «Глыбокае».

Па-майстэрску выкананыя зарысоўкі лялек беларускага народнага тэатра батлейкі пакінуў адзін з найвыдатнейшых кніжных графікаў СССР В. Дваракоўскі. У альбоме прадстаўлены і акварэлі народных строяў тэатральнага мастака А. Марыкса, зробленыя ім падчас паездак па Беларусі ў 1920−1930-я гады.
Значную частку выдання складаюць творы графікаў Віцебска, − унікальнага па сваіх мастацкіх традыцыях горада. Сярод іх вядомыя майстры і студэнты Беларускага мастацкага тэхнікума: С. Юдовін, М. Эндэ, Л. Зевіна, Р. Семашкевіч, І. Сонкін, С. Андруховіч, Л. Лейтман, Х. Ліўшыц. Упершыню ў поўным аб’ёме публікуецца комплекс твораў Р. Семашкевіча са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўленыя ў выданні графічныя творы маюць выключную каштоўнасць: яны адначасова з’яўляюцца творамі мастацтва і навуковымі артэфактамі. Мастакі з дакументальнай дакладнасцю перадалі аблічча краіны і нашых суайчыннікаў 1920−1930-х гадоў, помнікі культуры народаў Беларусі, значная частка якіх страчана. У той жа час глыбокі погляд таленавітага чалавека даносіць да нас усе адценні душэўнага стану жыхароў Песеннай Зямлі таго часу, дае ўнікальную магчымасць па-сапраўднаму адчуць эпоху.
Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.
Набыць навінку можна ва ўсіх кнігарнях сеткі «Белкніга», альбо зрабіць замову праз нашу інтэрнэт-кнігарню і атрымаць зніжку 20%!